Вы здесь

Беларусізацыя пад №...

Беларусізацыя пад №...

Паважныя спадары Рэдакцыя!

У нумары 29-м вашае газэты вы ўмясьцілі стацьцю пад загнётам «Справа кансалідацыі». Тамака вы пішаце, што ўсе людзі хочуць, каб «рэдакцыя ўзяла на сябе ініцыятыву кансалідацыі ўсяго беларускага грамадзянтсва на чужыне й распачала ў гэтым кірунку на сваіх балонках адпаведную акцыю».

Гэтыя радкі нас вельмі ўсьцешылі. Або-ж і праўда, калі азірнуцца навокал, па ўсіх чужых селішчах, то скрозь людзі жывуць, як браты, а ў нас — не. А чаму, гэтага ня ведаем.

Як шчэ за старымі грашыма прыяжджаў на наш хутар араталь зь Міхайлаўкі, то ён казаў, што ўва ўсіх нашых неладох вінаватая шопка й крывічы, бо яны ў нейчы бок цягнуць. Наш Ксавэры тады моцна пакрыўдзіўся, чаму яго да віны чапляюць і быў ужо рукавы закасаў, каб выцяць араталя, але той пачаў бажыцца й клясьціся, што ён ня меў на мэце каго-небудзь з прысутных абразіць і што ён гаварыў не пра нашага Шопку Ксавэрага, а зусім пра інакшае, а пра якога шопку — гэтага не сказаў.

А пазьней прыехаў да нас прамоўца зь Вялікага Двара, дык той, наадварот, прамаўляў, што ўсё ліха ад зарубежнікаў, якія таксама цягнуць у нейчы бок.

А быў у нас яшчэ адзін маладзян, студэньцік з Марынгораду, дык той крычэў, што ўсе вінаватыя — і адныя, і другія, а ўвесь паратунак у правільным кірунку. І гэты кірунак ён нават на дошцы крэйдай крэсьліў.

— Вось гэтая крывая лінія, — кажа, — гэта ёсьць крывічы, а гэтая, што я цяпер крэсьлю, ламаная лнія — гэта будуць зарубежнікі, а вось я вяду цяперака пасярэдзіне простую лінію, якая ні ад якіх лініяў не залежыць, — гэта й ёсьць правільны кірунак, па якім мы павінны йсьці да дасягненьня нашых агульнанацыянальных незалежніцкіх… а далей забыліся, што казаў.

Ведама, ён студэнт, дык лініі крэсьліць умее. Але-ж нам, спадары рэдакцыя, ад гэтага не лягчэй. Бо калі на дошцы або на паперы й накрэсьлены розныя лініі, то калатня ўсё роўна йдзе. І чаму мы, беларусы, мусім цярпець і гэтую калатню зносіць, калі нехта вінаваты або ў розныя бакі цягне? Гэта няправільна.

І вось, спадары рэдакцыя, як ужо прайшло шмат часу, а на вашых балонах тае акцыі яшчэ ня відно, то мы й узялі на сябе зачын пасунуць наперад справу кансалідацыі. А калі вы, спадары рэдакцыя, думаеце, што гэта праца лёгкая, то вы мыляецеся. На шляху да кансалідацыі ляжаць вялікія завалы. А вось-жа: пакуль мы зьбілі свой пяток, то колькі было галасу й звадак. Калі мы сабраліся на першы кансалідацыйны сход і наш прафэсар (але на бацькаўшчыне ён прафэсарам шчэ ня быў) нам выклаў, што такое кансалідацыя, то пачалі прыгадваць усе старыя крыўды. Янка Самасей успомніў Сьцяпану Кацапаву, як той пазычыў тры нямецкія маркі й скруціў. Піліп Канапельскі ўпікнуў Тараса Бурбалку за тое, што той яго з пасады сьпіхнуў, як быў нейкім старшынём, а пасадзіў свайго сябрука. Калісь даўно Піліп Канапельскі падаў якуюсь цыдулу на Ксавэрага Шопку, і гэта ўспомнілі. А ў Кацапава й Шопкі на той дзень былі бабы пасварыліся, дык і гэта стаяла перашкодай на дарозе да кансалідацыі. Было й шмат драбніцаў, але мы, спадары рэдакцыя, ўсё гэта перацярушылі і адвеялі перад агульнай ідэяй. Гэтым зачынам, мы ўпяцёх зьбілі моцны таўкач і будзем далей рушыць справу.

Але, спадары рэдакцыя, як мы ня маем ад вас ніякіх інструкцыяў, то просім паведаміць, што нам рабіць з нясьведамымі і як іх прыцягнуць да кансалідацыі? Ёсьць у нас такі Якуб Чапурнэцкі, то калі ён пачаў чытаць лісту скансалідаваных і дайшоў да прозьвішча Верабжя Рыгора, то сказаў:

— Стой! З гэтым я ня буду кансалідавацца, і яго трэба аджуціць.

А калі мы спыталіся чаму, бо Верабей у нас хлопец сьведамы, маральны й гарыць на працы, то ён кажа, таму, што Верабей — усходнік. А мы на гэта кажам: дакуль- жа ён будзе ўсходнік, калі ўжо сем год як з поўнага апалоніка заходнюю культуру сёрбае й караватку носіць, а Ксавэры ўчора сам бачыў, як Верабей капялюха таргаваў. На гэта Якуб нічога не адказаў, але ў лісту не ўпісаўся.

А ёсьць у нас другі такі гарбуз — Язэп Пстрычкоўскі, дык той ня хоча ісьці на лісту кансалідацыі, бо ня любіць заходнікаў: надта-ж яны фанабэрыстыя, кажа, а няма чаго. Просім спадароў рэдакцыю прапусьціць гэтых несьвядомых у газэту, як яны шкодзяць нашай кансалідацыі. Бо мы і ўвесь народ гаворым так: калі адзін быў пад Пілсудзкім, а другі пад Сталінам, то хіба не аднолькава абодвух таўклі? А калі каторага троху менш выцялі, то гэтым фанабэрыцца ня сьлед, не па-нацыянальнаму гэта.

Усё-ж з народам у нас справа ідзе лягчэй: пасварацца трохі, пагамоняць і пагодзяцца. Але што рабіць, спадары рэдакцыя, зь некаторай нашай інтэлігенцыяй, якая ўсё на палітыку бже? Калі мы прыйшлі да аднаго інтэлігента (на бацькаўшчыне ён у гміне пісарам быў), дык той спытаўся, на якой пляцформе мы хочам скансалідавацца. І як мы сказалі, што гуртуемся на шырокім дэмакратычным апірышчы, то ён штосьці пачаў круціць носам і ўсьміхацца. «Бачыце, паважаныя спадары, — кажа, — я заглядаюся на дэмакратыю адмо-о-оўна… Шырокая дэмакратыя, паважаныя грамадзяне, рэч до-о-обрая… нядрэ-энная… але для народу дасьпе-елага, а нашае грамадзянства, бачыце, яшчэ недасьпе-елае… слабо-оее-е». І гэтак ён цягнуў ката й ўсьміхаўся. Так мы яго й пакінулі. Хай дасьпявае.

Другі інтэлігент, таксама амаль прафэсар, дык сказаў, што ён пагодзіцца на кансалідацыю з намі, але каб усе мы яго слухаліся.

— Як скажу, — кажа, — слова, то й закон, і ніякіх дыскусіяў, бо я, — кажа, — адзін усё ведаю, а ніхто нічога ня ведае.

І калі мы прыгадалі, што ёсьць-жа на сьвеце дэмакратыя, то ён выгнаў з хаты.

А яшчэ адзін інтэлігент казаў нам, што ён можа кансалідавацца толькі на нейкіх парытэтных пачатках. А як мы спыталіся, што гэта такое, то ён адказаў: як вы прыйшлі ўпяцёх, то й я выстаўлю пяцёх. А што ён можа выставіць, спадары рэдакцыя? Увесь народ за намі йдзе, а за ім — нікога.

А ёсьць яшчэ інтэлігенты надта зацятыя. «Не магу з гэтым скансалідавацца! — крычэў адзін такі. — Ён мяне памыямі абліваў і ка́паў на мяне ў розныя ўстановы. Ніколі не дарую!».

Страницы


В нашей электронной онлайн библиотеке вы можете бесплатно и без регистрации прочитать «Беларусізацыя пад №...» автора Крывічанін Лявон на телефоне, андроиде, айфоне, айпаде. Сейчас вы находитесь в разделе „Ліст у рэдакцыю пра кансалідацыю“ на странице 1. Приятного чтения.